Тэматычная паліца «Сэрцу Добрай Надзеі» ( прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння В. Віткі) ( беларускі чацвер 13.05.2021 г.)
Дата публикации: 14 мая 2021
Тэматычная паліца “Сэрцу Добрай Надзеі” да 110-годдзя з дня нараджэння Васіля Віткі была падрыхтавана ў бібліятэцы дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №40 г. Магілёва” 13.05.2021 г.
Вядомы беларускі паэт, казачнік, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, крытык, сатырык, гумарыст, рэдактар, педагог – Васіль Вітка (сапраўднае імя – Крысько Цімох Васільевіч) нарадзіўся 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён з’яўляўся сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. У гады вайны працаваў у рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”, з 1942 года быў рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў, супрацоўнічаў у папулярных сатырычных часопісах “Партызанская дубінка”, “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пачынаючы з 1944 года Цімох Васільевіч працаваў у часопісе “Беларусь”. У 1948 годзе стаў намеснікам рэдактара, а потым – галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1957 годзе яго вылучылі на пасаду галоўнага рэдактара беларускага дзіцячага часопіса для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Вясёлка”, які тады ствараўся. У 1974–1987 г.г. пісьменнік быў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі студыі Беларусфільм.
Першы верш “Пры гасцінцы хіліліся вербы” быў надрукаваны ў літаратурным дадатку “Вясна” у 1928 годзе. У 1944 г. выйшаў яго першы зборнік вершаў “Гартаванне”. Першая кніжка для дзяцей – казка “Вавёрчына гора” – убачыла свет у 1948 годзе і адразу паланіла сэрцы дзяцей. Шматгранная дзейнасць Васіля Віткі адзначана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума – “Знак пашаны”, медалямі. Ён заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970). У 1972 годзе за кнігі “Беларуская калыханка”, “Казкі”, “Чытанка-маляванка” быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, у 1978 годзе атрымаў Міжнародны ганаровы дыплом імя Х-К. Андэрсэна за кнігу “Казкі”, і яго прозвішча было занесена ў спіс лепшых казачнікаў свету.
Алеся Парфёнава, Наталля Мільто,
бібліятэкары