“Гучыць паэзія ў душы” (беларускі чацвер 29.11.2018)
Дата публикации: 29 ноября 2018
“Гучыць паэзія ў душы”
(літаратурная гасцёўня, прысвечаная
70-годдзю з дня нараджэння
Яўгеніі Янішчыц)
Жыццё, нібыта геніяльны верш,
Кароткае, і ў вершы ты жывеш,
Які ты нам, вясёлым, прысвячала,
Нібыта з неба зорку даставала,
Каб, без цябе застаўшыся адны,
Праз ноч змаглі дайсці мы да вясны,
Дзе зразумець, што ластаўка ў палёце,
Як водсветы агню ў анёльскім лёдзе…
Віктар Шніп “Балада Яўгеніі Янішчыц”
29 лістапада 2018 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №40 г. Магілёва” ў рамках адзінага дня беларускага маўлення для вучняў 10 “А” класа прайшла літаратурная гасцёўня “Гучыць паэзія ў душы”, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц.
Дзесяцікласнікі пазнаёміліся з асноўнымі тэмамі творчасці паэткі, праслухалі яе вершы, прагледзелі відэаролік, прысвечаны асноўным вехам яе жыццёвага шляху.
Яркі і кароткі, як палет ластаўкі, лёс паэткі не пакінуў абыякавымі вучняў. Пасля правядзення мерапрыемства яны выказалі свае меркаванні наконт пачутага і ўбачанага. Выказваючы свае думкі, дзесяцікласнікі сышліся ў адным: Яўгенія Янішчыц – паэтка са сваім асаблівым светапоглядам, яе імя засталося ў памяці, у сэрцах паклоннікаў яе таленту, у легендзе…
Наталля Цімафеенка,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры