• пн-пт 8:00–20:00
  • сб 8:00–19:00

Гучыць роднае слова

Дата публикации: 6 марта 2021

У рамках тыдня педмайстэрства ў шосты школьны дзень, 6 сакавіка 2021 года, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №40 г. Магілёва” правялі разнастайныя пазакласныя мерапрыемствы па беларускай мове і літаратуры.

Вучні 8 “А” класа сталі ўдзельнікамі інтэлектуальнага квэста “Ведай роднае слова”, які правяла Ганчарова Т. В. Васьмікласнікі выканалі разнастайныя заданні, праявілі кемлівасць і знаходлівасць пры праходжанні квэста.

Шасцікласнікі спаборнічалі ў лінгвістычным турніры “Беларуская скарбонка”, які падрыхтавала Цімафеенка Н. Д. Вучні прадэманстравалі свае веды пры перакладзе слоў з рускай мовы на беларускую, пры вызначэнні значэнняў фразеалагізмаў, у веданні беларускіх народных прыказак і ў іншых лінгвістычных заданнях.

Марскі бой “На хвалях літаратуры” для вучняў 7 “В” класа падрыхтавала і правяла Сцельмах М. У. Падзяліўшыся на дзве каманды, школьнікі паказалі свае веды па тэорыі літаратуры, веданні творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Актыўна ўдзельнічалі вучні 5 “Г” класа ў “Конкурсе юных эрудытаў”, які правяла Лепяшко Т. Р. Юныя эрудыты прадэманстравалі даволі добрыя веды па фанетыцы, лексіцы, фразеалогіі і сінтаксісе беларускай мовы.

“Падарожжа ў краіну Сінтаксіс” ажыццявіла з 9 “Б” класам             Даргевіч А. У. Дзевяцікласнікі ўзнавілі свае веды па сінтаксісе беларускай мовы, якія атрымалі на ўроках беларускай мовы.

Гульню-конкурс “Фразеалагізмы-самародкі і самацветы роднай мовы” разам Козыравай Л. А. правялі вучні 10 “А” класа. Разнастайныя заданні, якія выконвалі вучні, далі магчымасць прадэманстраваць ім сваю эрудыцыю, творчасць і кемлівасць.

Адзінаццацікласнікі сталі ўдзельнікамі літаратурнай гасцёўні “З верай і праўдай прайшоў праз эпоху”, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы. Вучні даведаліся шмат новага і цікавага  з жыцця і творчасці пісьменніка, засяродзілі ўвагу на асноўных тэмах баек Кандрата Крапівы і, канечне, праінсцэніравалі некаторыя байкі, адчуўшы сябе ў ролі артыстаў.

Трэба адзначыць, што правядзенне такіх мерапрыемстваў спрыяе выхаванню любові да роднага слова, традыцый і культуры беларускага народа.

Наталля Цімафеенка,

кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры