Кніжная выстава-агляд «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння І. Чыгрынава (беларускі чацвер 19.12.2019 г.)
Дата публикации: 19 декабря 2019
Я не скажу, што бачыў свет,
Але на моры і на сушы
Жывых людзей жывыя душы
У маёй пакінулі свой след…
І. Чыгрынаў
Чыгрынаў Іван Гаўрылавіч – пісьменнік, творчасць якога адметная з’ява ў беларускай літаратуры. У снежні 2019 года яму спаўняецца 85 год.
Таленавіты, самаадданы, неардынарны мастак слова – аўтар шматлікіх апавяданняў, раманаў, п’ес, кінасцэнарыяў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў – грунтоўна выпісаў Беларусь і беларусаў у віры розных падзей: у часы сівой даўніны, у гады ваеннага ліхалецця, у часы пасляваеннай галечы і ў 80-90-я гады XX стагоддзя. Яго героі адначасова звычайныя і незвычайныя людзі, якіх мы сустракаем у паўсядзённым жыцці, з якімі мы жывём побач – дарослыя і дзеці, сяляне і гарадскія жыхары, гістарычныя постаці і героі Вялікай Айчыннай вайны, якімі нельга не захапляцца, не суперажываць, бо яны «жывыя», натуральныя.
Іван Гаўрылавіч пражыў цікавае, змястоўнае і адначасова няпростае жыццё. З’явіўся на свет будучы мастак слова 21 снежня 1934 года на Магілёўшчыне, у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Пасля чарнобыльскай трагедыі ў 1986 годзе маленькая радзіма I. Чыгрынава была атручана радыяцыяй, што прынесла незагойную рану ў сэрца пісьменніка.
На літаратурнай ніве, як і ў грамадскім жыцці, I. Г. Чыгрынаў быў максімалістам, таму паспеў зрабіць многае, за што заслужана ў 1994 годзе атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі.
19 снежня ў школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава-агляд «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння Івана Чыгрынава, з дапамогай якой чытачы змаглі бліжэй пазнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю пісьменніка.
Алеся Парфёнава, Наталля Мільто,
бібліятэкары