Літаратурная гасцёўня “Падарожжа ў краіну волатаў беларускай паэзіі” (беларускі чацвер 11.02.2021 г.)
Дата публикации: 12 февраля 2021
У рамках адзінага дня беларускага маўлення 11 лютага 2021 года ў 2 “Д” класе дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №40 г. Магілёва” была наладжана літаратурная гасцёўня “Падарожжа ў краіну волатаў беларускай паэзіі”. Мерапрыемства праводзілася з мэтай далучыць дзяцей да духоўных скарбаў свайго народа; спрыяць фарміраванню цікавасці і павагі вучняў да роднага слова, беларускай мовы як актыўнага сродку патрыятычнага і нацыянальнага выхавання.
Да пачатку мерапрыемста школьнікі разам з класным кіраўніком правялі вялікую пошукавую работу. Праз розныя крыніцы інфармацыі знаходзілі цікавыя звесткі з жыцця і творчасці Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Пімена Панчанкі. Таксама вучні шукалі вершы паэтаў на казачную тэматыку і стварылі літаратурны альбом “Вершаваныя казкі”.
У час мерапрыемства да дзяцей наведалася сама гаспадыня Паэзія. Яе памочнікамі былі Лянотка і Знаўца. Гаспадыня Паэзія паведаміла вучням, што ў яе краіне галоўныя законы – гэта Рытм і Рыфма. Загадзя падрыхтаваныя вучні выступілі ў ролі беларускіх паэтаў з прэзентацыяй пра іх жыцце і творчы шлях. Дзеці чыталі вершаваныя казкі, вызначалі галоўных герояў, знаходзілі рыфмы, адзначалі рытм вершаў.
У канцы мерапрыемства гаспадыня Паэзія запрасіла вучняў у сваю паэтычную майстэрню, дзе былі праведзены конкурсы «Пагуляем у рыфмы», “Наадварот”, «Метаграмы», «Наборшчыкі», «Выпраў памылкі». Вучні атрымалі ад Паэзіі падарунак – прагляд мультфільма на беларускай мове.
Літаратурная гасцёўня выклікала вялікую цікавасць у вучняў. Шмат цудоўных вершаваных твораў беларускіх паэтаў прагучала на мерапрыемстве. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, даведаліся шмат новага і карыснага для сябе.
Жанна Станоўская,
настаўнік пачатковых класаў