Літаратурная паліца, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння А. Пысіна «Магілёўская гаворка» (беларускі чацвер 05.03.2020 г.)
Дата публикации: 6 марта 2020
У бібліятэцы дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 40 г. Магілёва” з 5 сакавіка 2020 года была падрыхтавана літаратурная паліца, прысвечаная 100-годдзю з дня нарадження Аляксея Пысіна «Магілеўская гаворка».
Аляксей Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 г. у вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1880 г. прадзед будучага паэта і яго сыны пераехалі з Браншчыны ў Магілёўскую губерню, на «купчыя землі». У роднай вёсцы прайшлі дзіцячыя і школьныя гады Аляксея. Пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы яго, як актыўнага селькора, райком камсамола накіраваў на вучобу ў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі. У верасні 1939 г. яго, тады студэнта другога курса, накіравалі на працу ў горад Бельск у газету, дзе ён быў літсупрацоўнікам да пачатку вайны. Вайну прайшоў сувязістам, удзельнічаў у баях, двойчы быў паранены. Працаваў сакратаром раённай газеты «Чырвоны сцяг» (1946–1948), уласным карэспандэнтам абласной газеты «За Радзіму» (1949–1950). З 1958 г. працаваў у рэдакцыі абласной газеты «Магілёўская праўда».
Першыя спробы пяра Аляксей Пысін зрабіў яшчэ будучы вучнем Высокаборскай сямігодкі. Першы зборнік «Наш дзень» выйшаў толькі ў 1951, у 1959 з’явіўся наступны – «Сіні ранак». Аўтар паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі», «Вясёлка над плёсам», «Колькі сонцаў». Выдаў кнігу нарысаў «Бярозка ля кожных варот».
Памёр 27 жніўня 1981 г. у Магілёве. Пахаваны на Цэнтральных могілках па вул. Лазарэнкі. Імя А. Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе створаны і прысвечаны яму музей. У Магілёве на праспекце Міру, на доме 35 а, дзе жыў паэт, усталявана мемарыяльная дошка.
Алеся Парфенава, Наталля Мільто,
бібліятэкары