Шосты школьны дзень 19 лютага 2022 года
Дата публикации: 19 февраля 2022
19 лютага 2022 года, у шосты школьны дзень, у дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 40 г. Магілёва” ў рамках правядзення тыдня педагагічнага майстэрства настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры былі праведзены пазакласныя мерапрыемствы.
Пяцікласнікі разам з настаўнікам Цімафеенкай Н. Д. сталі ўдзельнікамі лінгвістычнага спаборніцтва па беларускай мове “Ведай родную мову”. Дзве каманды “Пралеска” і “Валошка” перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, падлічвалі колькасць літар і гукаў у словах, складалі тэлеграмы па пачатковых літарах слоў, узнаўлялі фразеалагізмы і прыказкі, “расшыфроўвалі” афарызм Кузьмы Чорнага. Капітаны каманд спаборнічалі ў конкурсе “Веру – не веру”. У канцы мерапрыемства пяцікласнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі.
Дзевяцікласнікі прынялі ўдзел у літаратурным рынгу “Хто самы ўважлівы чытач?”, які падрыхтавала і правяла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Лепяшко Т. Р. “Мовазнаўцы” і “Канструктары”, а таксама іх капітаны прадэманстравалі свае веды па беларускай літаратуры.
Дзесяцікласнікі і адзінаццацікласнікі прынялі актыўны ўдзел у інтэлектуальным турніры па беларускай мове “З родным словам круглы год”, які падрыхтавала Козырава Л. А. Вучні адказвалі на пытанні віктарыны, прадэманстравалі свае веды па розных раздзелах мовазнаўства, тлумачылі значэнні розных слоў і выконвалі іншыя заданні.
Сямікласнікі паўдзельнічалі ў квэст-гульні “Якія знаёмыя назвы і словы, Якая цудоўная родная мова!” Яе падрыхтавала і правяла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Самарцава Т. М. Вучням былі прапанаваны розныя заданні па беларускай мове, якія тры каманды выконвалі, перамяшчаючыся па распрацаваным настаўнікам маршруце.
Праведзеныя пазакласныя мерапрыемствы садзейнічалі выхаванню ў вучняў павагі да роднага слова.
Наталля Цімафеенка,
кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры