• пн-пт 8:00–20:00
  • сб 8:00–19:00

Свята беларускай мовы

Дата публикации: 25 мая 2022

25 мая 2022 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №40 г. Магілёва” прайшло чарговае пасяджэнне пастаянна дзеючага семінара “Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Вопытам работы па правядзенні адзіных дзён беларускага маўлення падзяліліся настаўнікі сярэдняй школы №40.

Перад настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры выступіла Правашынская А.А., намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, акрэсліўшы накірункі работы ўстановы адукацыі па папулярызацыі беларускай мовы. Якія формы і сродкі, метады і прыёмы выкарыстоўваюць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры па падтрымцы і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы сярод вучняў і іх законных прадстаўнікоў распавяла кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Цімафеенка Н. Д. Загадчык бібліятэкі Парфёнава А. М. пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з работай школьнай бібліятэкі па папулярызацыі беларускай мовы. Вопытам работы па правядзенні адзіных дзён беларускага маўлення сярод вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі падзяліліся Палунчанка Т. М., кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, і Троц І. Л., кіраўнік метадычнага аб’яднання выхавацеляў групы падоўжанага дня.

Для ўдзельнікаў семінара была арганізавана выстава вырабаў навучэнцаў школы на беларускую тэматыку. Магілеўцаў Кірыл, вучань 11 “А” класа, і Дзмітрыенка Паліна, вучаніца 10 “А” класа, правялі для гасцей экскурсію па школьнай кантактнай музейнай экспазіцыі “Магілёў ад старажытнасці да сучаснасці”. Усіх захапіла інсцэніроўка казкі “Рэпка на сучасны лад”, якую прадставілі вучні 1 “Б” класа. Дзесяцікласнікі, адзнаццацікласнікі і настаўнікі-госці сталі актыўнымі ўдзельнікамі інтэрактыўнай інтэлектуальнай гульні “Мая сям’я – цудоўны дар”. Вучні ўстановы адукацыі прадэманстравалі мастацкае чытанне твораў, харэаграфічныя і песенныя здольнасці ў літаратурна-музычным калейдаскопе “Песняры Беларусі”, прысвечаным пісьменнікам-юбілярам Янку Купалу і Якубу Коласу. Упрыгожылі сапраўднае свята беларускай мовы выступленне школьнага харэаграфічнага  гуртка “Усмешка” і запрошанага ансамбля “Раніца”.

Правядзенне семінара “Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” дае вялікую магчымасць падзяліцца сваім вопытам, сваімі напрацоўкамі настаўнікам устаноў адукацыі г. Магілёва, а таксама працягваць сістэматычную работу па папулярызацыі  беларускай мовы.

Наталля Цімафеенка,

кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Сярэдняя школа № 40 г. Магілёва”