• пн-пт 8:00–20:00
  • сб 8:00–19:00

Белорусский язык

Дата публикации: 6 мая 2022

Падрыхтоўка да ЦТ па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”

Вопыт правядзення цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы паказаў, што гэта форма ацэньвання заваёўвае ўсё большую папулярнасць. Такая форма дазваляе аб’ектыўна ацаніць веды кожнага выпускніка, забяспечвае навучэнцам роўны доступ да атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Таму асноўным відам  уступных іспытаў па асобных школьных дысцыплінах, у тым ліку і па беларускай мове,  становіцца тэсціраванне.

Тэсціраванне мае на мэце праверку ступені валодання выпускнікамі школ усімі літаратурнымі нормамі беларускай мовы — арфаэпічнымі, лексічнымі, акцэнталагічнымі, граматычнымі, стылістычнымі, арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі.

Заданні тэсту адпавядаюць наступным раздзелам курса беларускай мовы:

  • Мова. Маўленне. Тэкст.
  • Арфаэпія і арфаграфія.
  • Лексіка і фразеалогія.
  • Словаўтварэнне і  арфаграфія.
  • Марфалогія і арфаграфія.
  • Сінтаксіс і пунктуацыя.

У тэставай рабоце правяраецца практычная пісьменнасць, культура мовы і моўная кампетэнцыя навучэнцаў, веданне граматыкі і стылістыкі беларускай мовы. Праверка ўзроўню валодання вучнямі тэарэтычнымі ведамі і набытымі практычнымі ўменнямі пры вывучэнні беларускай мовы носіць аб’ёмны і ўсебаковы характар.

Для паспяховага выканання тэставай работы вучні павінны ведаць:

  • правапіс галосных;
  • правапіс й,  ы пасля  прыставак;
  • прыстаўныя гукі;
  • правапіс у-ў,
  • правапіс мяккага знака і апострафа;
  • правапіс спалучэнняў зычных;
  • правапіс вялікай літары;
  • напісанне слоў асобна, разам, праз злучок;
  • правапіс канчаткаў назоўнікаў;
  • ужыванне роду і ліку назоўнікаў;
  • ужыванне часоў дзеясловаў;
  • правапіс лічэбнікаў;
  • ужыванне і  правапіс  займеннікаў;
  • правапіс прыслоўяў;
  • ужыванне і правапіс дзеепрыметнікаў;
  • ужыванне і правапіс дзеепрыслоўяў;
  • ужыванне і правапіс не(ня), ні з рознымі часцінамі мовы;
  • адасабленне даданых членаў сказа;
  • пабочныя і ўстаўныя словы, зваротак;
  • параўнальны зварот;
  • просты і складаны сказ;
  • віды складаных сказаў, знакі прыпынку ў іх;
  • аднародныя члены сказа;
  • спосабы перадачы чужой мовы.

У тэсце правяраюцца наступныя ўменні:

  • уменне знаходзіць у слове арфаграмы;
  • уменне вызначаць прамое і пераноснае значэнне   слоў;
  • уменне правільна  ставіць націск;
  • уменне вызначаць у сказе сэнсавыя часткі, якія патрабуюць выдзялення знакамі прыпынку;
  • уменне бачыць парушэнні лексічных, граматычных, сінтаксічных  нормаў;
  • уменне вызначаць стылістычную прыналежнасць тэксту па пэўных моўных паказчыках;
  • уменне аналізаваць і выкарыстоўваць адпаведныя сэнсавым адносінам сродкі сувязі сказаў у тэксце;
  • уменне бачыць стылістычныя асаблівасці і выяўленча-вобразныя сродкі тэксту.

Пры арганізацыі падрыхтоўкі да тэсціравання настаўніку неабходна перш за ўсё вывучыць асаблівасці работы з тэстам, пажадана самому выканаць тэставыя заданні, пры гэтым зафіксаваць час на іх выкананне. Наступным этапам работы настаўніка павінен стаць аналіз саміх заданняў тэсту: ступень цяжкасці кожнага задання, яго суаднесенасць з пэўным раздзелам граматыкі, характар уменняў, неабходных для выканання таго ці іншага задання. Да заканчэння першага паўгоддзя неабходна правесці ў выпускных класах пробнае тэсціраванне па прапанаваным ніжэй тэсце або па тэстах, складзеных самім выкладчыкам. Праверка выкананых работ дазволіць настаўніку выявіць прабелы ў ведах выпускнікоў, вызначыць цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся пры выкананні работы.

3 другога паўгоддзя па ўсіх прадметах, у тым ліку і па беларускай мове, пачынаецца актыўнае паўтарэнне пройдзенага матэрыялу. Да яго пачатку пажадана аптымальна спланаваць работу па паўтарэнні з улікам навучанасці школьнікаў, патрабаванняў да ведаў і ўменняў вучняў, вызначаных школьнымі праграмамі па беларускай мове і неабходных для паспяховага выканання тэставай работы.

Настаўнік мае права ўнесці неабходныя, на яго думку, змены ў размеркаванне колькасці гадзін на вывучэнне асобных тэм, прапанаванае ў праграме па беларускай мове, вызваліўшы час на арганізацыю сістэматычнага паўтарэння.

Вельмі важна навучыць дзяцей правільна   размяркоўваць   час   пры   выкананні  тэставых заданняў, умець пераключаць увагу з адной тэмы на другую, параіць выконваць тыя заданні, якія пададуцца ім больш лёгкімі, бо кожнае правільна выкананае  заданне  дабаўляе  балы.

Вучні павінны ведаць, што на выкананне тэставай работы адводзіцца 110 хвілін, у кожным заданні можа быць 1, 2 і больш правільных адказаў, перад пачаткам работы неабходна ўважліва прачытаць фармулёўку задання.

Тэст складаецца з дзвюх частак, у якія будуць уваходзіць заданні пяці ўзроўняў складанасці. У першай частцы выкарыстоўваюцца заданні закрытага тыпу (даюцца варыянты адказаў, а вучні выбіраюць правільны адказ) і адкрытага тыпу (вучні самі запісваюць адказ).

Экзамен у любой форме — сітуацыя экстрэмальная, таму выпускнікам важна псіхалагічна падрыхтавацца да гэтага: настроіць сябе на пазітыўныя адносіны да будучых іспытаў, навучыцца канцэнтраваць увагу,  кантраляваць свае  эмоцыі.

Для таго каб упэўнена і паспяхова выканаць заданні тэсту, вучням карысна:

  • спакойна абдумаць пытанні;
  • рацыянальна выкарыстаць адведзены час: спачатку выканаць тыя заданні, якія пададуцца больш простымі, пасля — больш складаныя;
  • не спяшацца з адказамі, уважліва ўчытвацца ў заданні;
  • правільна і дакладна запісваць адказы ў бланк, не спяшаючыся запаўняць яго адразу; лепш гэта зрабіць пасля праверкі задання.

Паспяховасць выканання тэставых заданняў. забяспечваецца правільным падыходам да выкарыстання сваіх ведаў, уменняў, навыкаў, а таксама псіхалагічных рэсурсаў.

Апошнім часам у продажы з’явілася шмат дапаможнікаў з тэстамі па беларускай мове, аднак пры падрыхтоўцы да тэсціравання пажадана выкарыстоўваць толькі тыя, што маюць грыф Міністэрства адукацыі.


Як рыхтавацца да ЦТ па беларускай мове?

Ты вырашыў здаваць ЦТ па беларускай мове: няма столькі выключэнняў, як у рускай, правапіс нашмат прасцейшы, а расстаноўка знакаў прыпынку падпарадкоўваецца агульным правілам — высокі бал за тэст, лічы, у кішэні! Але, дружа, не ўсё так проста, як здаецца. Адукар дасць табе пяць парад, што дапамогуць самастойна арганізаваць плённую падрыхтоўку.

Разважай па-беларуску

Сядзіш на ўроку, працуеш дома самастойна — думай па-беларуску. Так правілы будуць лепш запамінацца, а ход разважанняў трывала замацуецца ў тваёй галаве. Павер, сінхронны пераклад не самы добры варыянт, бо так падчас тэсціравання ты марнуеш каштоўны час і рызыкуеш ад хвалявання заблытацца ў словах і правапісе. Яно табе трэба? Упэўненыя, што не.

Складзі план падрыхтоўкі

Штогод РІКВ публікуе «Спецыфікацыю тэста па вучэбным прадмеце „Беларуская мова“» — карыстайся гэтым дакументам, каб паслядоўна вывучаць матэрыял. Больш часу пакінь на тыя тэмы, што выклікаюць найвялікшую цяжкасць у засваенні. Праверыць сябе дапаможа РТ, камп’ютарнае тэсціраванне і ЦТ онлайн. Выконвай заданні ЦТ пачынаючы з 2011-га года, бо менавіта тады ўступілі ў дзеянне змены беларускага правапісу

Вядзі канспект

Дапаможнікі для падрыхтоўкі да ЦТ, канешне, рэч карысная, але найлепшы памочнік — канспект, напісаны ўласнаруч. Завядзі сабе сшытак, у якім будзеш занатоўваць (сцісла, схематычна, у выглядзе алгарытма разважання, табліцы) усю патрэбную інфармацыю. Гэта не значыць, што табе давядзецца перапісваць кнігі. Звяртайся да некалькіх крыніц (школьны падручнік, дапаможнікі, слоўнікі), чытай, аналізуй — рабі запіс усвядомленага матэрыялу. Карыстайся маркерамі і стыкерамі: гэта добрая падказка для зрокавай памяці.

Падключай веды па рускай мове

Стылі маўлення, тэкст, пунктуацыя — гэтыя раздзелы ў рускай і беларускай мовах супадаюць па змесце. Таму працуй над матэрыялам адразу на двух уроках — эфектыўнасць будзе большай. У астанім абедзве мовы маюць уласную спецыфіку, веданне якой і правярае ЦТ.

Чытай і гавары па-беларуску

Каб добра валодаць мовай, трэба актыўна яе выкарыстоўваць: чытай мастацкую літаратуру (балазе, школьная праграма разнастайная), раз-пораз газеты, па магчымасці звяртайся да навуковых артыкулаў на мовазнаўчыя тэмы. Так ты на свае вочы пабачыш і зразумееш стылістычныя асаблівасці розных тэкстаў, ды і зрокавая памяць спрацуе на тваю карысць. Больш размаўляй на ўроку, не ігнаруй пісьмовых заданняў па літаратуры: правільнае карыстанне мовай адчувальна павышае шансы здаць ЦТ на высокі бал.